МУС Украіны: частка палонных украінцаў з Чарнобыля знаходзіцца ў Беларусі
Украіна вядзе перамовы пра абмен сваіх вайскоўцаў, якія трапілі ў палон у Чарнобылі. Частка з іх знаходзіцца ў Беларусі. Пра гэта заявіў міністр унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі.
"Мы, на жаль, мусім канстатаваць, што там трапілі ў палон 169 вайскоўцаў Нацгвардыі. Сёння частка з іх, паводле нашай інфармацыі, знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, частка — у Расіі", — расказаў ён пра палонных з Чарнобыля.
Па словах міністра, палонных у Чарнобылі трымалі ў падзямеллі без святла. У іх забралі ўсе сродкі сувязі. Падрабязнасцяў пра цяперашні лёс вайскоўцаў няма.
Манастырскі мяркуе, што абмен палонных стане магчымы пасля заканчэння актыўнай фазы баявых дзеянняў.