Мужчына, які сёння страціў прытомнасць у мінскім метро, памёр
Гэта ўжо другая смерць у сталічнай падземцы за апошні тыдзень.
Мужчына, які сёння раніцай страціў прытомнасць на станцыі метро “Інстытут культуры” ў Мінску, памёр. Прычынай смерці хутчэй за ўсё стаў сардэчны прыступ, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу мінскага метрапалітэну.
Здарэнне адбылося ў 8.26 раніцы. 53-гадоваму мужчыну стала блага, і яму выклікалі хуткую. Яго пачалі рэанімаваць проста на платформе — паклалі на лаўку і паставілі капельніцу. Аднак уратаваць мужчыну не змаглі.
Гэта другая смерць у метро за апошні тыдзень: 6 красавіка на станцыі “Пралетарская” памёр 83-гадовы пенсіянер, у якога таксама стала кепска з сэрцам.
А роўна месяц таму, 10 сакавіка, падобны інцыдэнт здарыўся ў пераходзе на станцыі “Каменная Горка” — 57-гадовы пасажыр страціў прытомнасць, і медыкі змаглі толькі канстатаваць смерць.