Музыкі: “ЕўраФэсту” не хапае ўцямнага журы, а дзяржаве - фантазіі

Неўзабаве стартуе новы “ЕўраФэст” - беларускі адбор на “Еўрабачанне”. Ужо з 5 кастрычніка аргкамітэт прымае заяўкі ад артыстаў. Аніякіх сумневаў у тым, што іх будзе шмат, няма. Праўда, прагнозы ад музыкаў збольшага песымістычныя: Еўропу здзівіць мы не падужаем, і найперш - праз тое, як арганізаваны нацыянальны адбор. Сёлета конкурс пройдзе без зменаў, па мінулагодніх правілах. Гэта дзіўна: няўжо аргкамітэт лічыць вынік, які паказаў на мінулым “Еўрабачанні” Руслан Аляхно, вартым таго, каб паўтарыць яго? З гэтым пытаннем “Еўрарадыё” звярнулася да Анастасіі Ціхановіч, выканаўчага прадзюсэра праекту “ЕўраФэст”.

Анастасія Ціхановіч: “Падрыхтоўка да “Еўрабачання” ў мінулым годзе была на належным узроўні. Усе мерапрыемствы праходзілі на вышэйшым узроўні, пры ўдзеле не толькі расійскіх, але і замежных прафесіяналаў. Высновы ад зробленай працы могуць быць толькі станоўчыя, бо яна была вельмі якаснай”.

Атрымліваецца так: падрыхтоўка быццам бы належная, праца быццам бы якасная, а ў выніку - пшык, Беларусі ізноў няма нават у фінале “Еўрабачання”. Але са слоў Анастасіі Ціхановіч, зменаў не плануецца нават у складзе журы, бо яно цалкам адпавядае мэтам конкурсу - высветліць, хто ж з артыстаў самы таленавіты.

Адзіны спадзеў на “народнае галасаванне”, якое звычайна адбываецца пасля фіналу “ЕўраФэсту”. Праўда Ягор Хрусталёў, прадстаўнік тэлеканалу АНТ, які канкуруе з “Першым нацыянальным”, сумняецца ў тым, што на сітуацыю могуць паўплываць простыя людзі.

Ягор Хрусталёў: “Я, па шчырасці, толькі краем вока бачыў мінулагодні адбор, але як любы тэлеглядач і як зацікаўлены чалавек, сачыў, як гэта ўсё адбывалася. Што датычыцца самога адбору на “Еўрабачанне”, дык я думаю, што ўсё роўна ўсё вырашаецца не праз народнае галасаванне, а людзьмі, якія прымаюць рашэнне, і набліжанымі да іх”.

Аляксей Хацкевіч, Саша з праекту “Саша и Сирожа”, да “ЕўраФэсту” і асабліва да яго вынікаў таксама ставіцца скептычна. Але прычыны нашых няўдач на “Еўрабачанні” бачыць іншыя:

Аляксей Хацкевіч: “Я лічу, што ў нашай дзяржаве праблемы з фантазіяй. Хто там зараз быў - Аляхно, ці як там яго? Гэта ціпа Калдуна зрабілі: вочкі нафарбавалі, галаву пафарбавалі… І песні нейкія такія, не вельмі. Не качаюць. Іх і так раскруцваюць, і гэтак, а ўсё роўна нічога не раскручваецца. І за вушы цягнуць, а атрымліваецца ўсё роўна лайно”.

Лявон Вольскі “не бачыць сэнсу каб не бачыць сэнсу” ў беларускім адборы на “Еўрабачанне”. Маўляў, хай сабе артысты падвышаюць свой творчы ўзровень. А тое, ці атрымаецца ўрэшце ў беларусаў скарыць конкурс еўрапейскай папсы, на думку музыкі, залежыць ад уцямнасці журы.

Лявон Вольскі: “У нас конкурсы даволі спецыфічна праходзяць. І выбар журы таксама заўсёды спецыфічны. Ён чамусьці абумоўлены папулярнасцю, раскруткай артыста ў суседняй краіне. Чамусьці лічыцца, што менавіта гэта дае нейкія шансы, хаця ў нас ёсць безліч выканаўцаў, якія гэтае “Еўрабачанне” маглі б спакойненька парваць”.

Праўда, рваць “Еўрабачанне” сваёй “Крамбамбуляй” Вольскія пакуль не збіраюцца. Аляксей Хацкевіч шчыра прызнаўся, што “Саша и Сирожа” з задавальненнем паўдзельнічалі б у конкурсе. Але…

Аляксей Хацкевіч: “Сірожа зараз новы альбом выдаў, у туры ездзіць. Ён заняты зараз. А ў прынцыпе, было б нядрэнна. Я думаю, што мы б што-небудзь занялі. Песні ў нас усе хітовыя, запамінаюцца, людзям падабаюцца. І знешнасць у нас… ну, не зусім гламурная, як гэта зараз прынята, але на “Еўрафэсце” не заўжды перамагаюць гламурныя”.

Відавочна, што выбіраць артыста, які паедзе ў Маскву на “Еўрабачанне 2009”, і сёлета будзе з каго. Але хто будзе выбіраць? Вось у чым пытанне.

Фота - alehno.ru