“Мы за вас!” Знакамітыя беларусы — пра калектыўную адказнасць перад Украінай

“Мы за вас!” Знакамітыя беларусы — пра калектыўную адказнасць перад Украінай

“Не вайне!” — з такім лозунгам беларусы выйшлі на вуліцы ў дзень рэферэндуму па змяненні і дапаўненні Канстытуцыі. Нягледзячы на гэта, цяпер нярэдка можна пачуць ад украінцаў ды іншых, што Беларусь напала на Украіну, маўляў, беларусы вінаватыя. Еўрарадыё пагутарыла з беларускімі пісьменнікамі пра тое, як беларусам цяпер жыць з думкай, што наша краіна — агрэсар. 

“Мы за вас!” Знакамітыя беларусы — пра калектыўную адказнасць перад Украінай
Ганна Севярынец

Ганна Севярынец, педагог і пісьменніца

— Фармулюючы адказы на гэтыя пытанні, я б хацела найперш сказаць, што мы не абавязаны атаясамліваць сябе з краінай-агрэсарам. Мы ўжо два гады жывём паралельна рэжыму, які прымае нелегітымныя рашэнні. Сваё стаўленне да гэтага мы сцвярджаем два гады запар кожны дзень. Таму я б не стала пускаць унутр сябе такія думкі і жыць з гэтым. 

Між тым рэпутацыю ў свеце мы цяпер сапраўды маем не самую лепшую, і ад пачатку я прапаную гэта прыняць і не крыўдаваць. Цяпер паўсюль боль, роспач, эмоцыі і вайна. 

Што рабіць нам? Спакойна і ўзважана ставіцца да дадатковых патрабаванняў. Тлумачыць. Даносіць інфармацыю пра нас і наш пратэст. Не закручваць спружыну ўзаемнай нянавісці. Тыя, хто агулам цяпер вінавацяць беларусаў, часцяком проста нічога не ведаюць пра нас. Таму трэба расказваць і тлумачыць. Ну і, як заўжды, заставацца людзьмі. Заставацца беларусамі. Тое, якія мы насамрэч у адносінах з іншымі, — найлепшы доказ у любой спрэчцы.

“Мы за вас!” Знакамітыя беларусы — пра калектыўную адказнасць перад Украінай
Альгерд Бахарэвіч

Альгерд Бахарэвіч, пісьменнік

— Вайна ідзе. Спыніць яе будзе вельмі цяжка. Відавочна, што крамлёўскія вырадкі недаацанілі Украіну, спадзяваліся на бліцкрыг і “пятую калону”. Бо разам з лукашэнкам даўно жывуць у сваім выдуманым свеце. Але вайна ў нас саміх. Нам не ўсё роўна. 

Зразумейце ўсе адну простую рэч: Беларусь не ёсць незалежнай дзяржавай, Беларусь пад акупацыяй, Беларуссю кіруе крамлёўская марыянетка. Вы бароніце незалежную дэмакратычную еўрапейскую краіну. А ў Беларусі ўлада не хоча ні дэмакратыі, ні незалежнасці, ні Еўропы. 

Тыя, хто выступіў і чыніў хоць нейкі супраціў, былі схопленыя, сядзяць у турмах або былі вымушаныя эміграваць. Дзясяткі тысяч годных людзей, якія выступалі і выступілі б цяпер супраць пуцінскага фашызму, прайшлі праз рэпрэсіі, некаторыя загінулі. Беларусь працягваюць забіваць і працягвалі ўвесь час. Беларусь усё яшчэ ў стане поўнага разгрому і катастрофы пасля 2020-га.

У Беларусі больш за тысячу палітзняволеных. Беларусь не паспела нават уздыхнуць пасля ўсяго гэтага, а яе ўжо ўцягнулі ў вайну на баку агрэсара. 

Але нават у гэтых умовах падпольны супраціў унутры Беларусі ёсць. Ды нават той купцы людзей, якія яшчэ за Лукашэнку, не патрэбная гэтая вайна. Але калі яны выкажуцца — ім канец. Гэта не тая дыктатура, якая даруе, а тая, якая знішчае за найменшую нязгоду. Таму яны будуць маўчаць. 

Беларусь была так цяжка параненая ў 2020-м. У Беларусі няма беларускага войска. Ёсць толькі бяззбройныя людзі, якія ў жаху ад таго, што адбываецца. І якія за любую форму супраціву будуць кінутыя ў турмы. 

Сёння прачытаў: “інфармуйце сваіх свякоў і сяброў у Беларусі, атручаных пуцінскай прапагандай, пра тое, што насамрэч адбываецца ва Украіне”. Ды ніхто з тых людзей, каго я ведаю ў Беларусі, не падтрымлівае гэтую вайну. Там, у Беларусі, жорсткая дыктатура — і гаварыць з Беларуссю трэба менавіта так. Вы вольныя людзі. Мы не можам гаварыць на роўных. Ад несвабоднай, паняволенай краіны немагчыма чакаць палітычнай падтрымкі. 

А нам, тым, хто марыць пра вольную Беларусь яшчэ з савецкіх часоў, даказваць нічога не трэба. Мы за вас. Мы верым у вашу перамогу. Чым мы можам дапамагчы з нашага выгнання?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.