Мясныя прылаўкі на брэсцкім рынку апусцелі (фота)

Раней на Калгасным рынку прадавалі мяса каля ста прадаўцоў. Сёння засталіся адзінкі. Індывідуальны прадпрымальнік Дзмітрый тлумачыць:



Прадпрымальнік: "Жыву у Тамашоўцы, а мне трэба на бойню ў Камянец везці. 200 тысяч на бензін, 500 тысяч за забой свінні аддаць. І туды трэба везці жывую, у такую спёку, баяцца, каб не здохла. Акрамя таго, арэнду тут плачу, больш за мільёна выдаткаў выходзіць на свінню. Навошта такі бізнэс?!"



Прычына ў тым, што з 1 траўня набылі моц новыя правілы забою. Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання пастанавіла, што вырашчаных у хатніх умовах жывёлаў можна забіваць толькі на спецыяльных бойнях.



Прадпрымальнік мяркуе “неяк круціцца”. Ён кажа пра суседа, які вэндзіць кілбасы, робіць мяса і паралельна аплаціў ужо 8 пратаколаў, "а колькі яшчэ заплаціў, каб не пісалі”. Але ісці на завод на 2 мільёны ў месяц ён не хоча.