МЗС: Арыштаваная ў Італіі жанчына не з'яўляецца грамадзянкай Беларусі

Пра гэта агенцтву "Інтэрфакс-Захад" заявілі ў Міністэрстве замежных спраў. Прэс-сакратар ведамства Андрэй Савіных адзначыў, што "ёсць адна акалічнасць, якая сур'ёзна мяняе справу". Па яго словах, ураджэнка Беларусі ўжо мае грамадзянства Італіі.



Як паведамлялася раней, італьянская паліцыя арыштавала 41-гадовую Вольгу Круталёву. Яе вінавацяць у выкраданні ўласнай дачкі ў сакавіку 2012 года з сацыяльнага прытулку для часовага ўтрымання непаўналетніх. Пасля разводу Круталёвай з італьянцам Ларэнца Дондзі па рашэнні суда да вынясення канчатковага вердыкта дзіця было часова перададзенае пад апеку сацыяльных службаў.



Пасля выкрадання дачкі Рэбекі маці, як мяркуецца, незаконна вывезла яе з Італіі ў Беларусь. У наш час месцазнаходжанне дзяўчынкі невядомае. Дзяўчынка і яе маці былі абвешчаныя ў міжнародны вышук. Калі жанчына вярнулася ў Італію, яе арыштавалі.



Фота — uznayvse.ru