МЗС Беларусі: Дабрачынная арганізацыя з ЗША парушыла свае абавязацельствы

Амерыканская дабрачынная арганізацыя парушыла свае абавязацельствы. З такой заявай выступіў МЗС Беларусі. Так знешнепалітычнае ведамства адрэагавала на невяртанне на радзіму 16-гадовай грамадзянкі нашай краіны.
Нагадаем, Таццяна Казыра з Барысава разам з групай беларускіх дзяцей знаходзілася на аздараўленні па дамове паміж грамадскім аб'яднаннем "Медыцына і Чарнобыль" і амерыканскай арганізацыяй "Праект Дзеці Чарнобыля". Амерыканскі бок абавязаўся забяспечыць своечасовае вяртанне дзяцей. Аднак у прызначаны час Казыра ў аэрапорт не прыехала, і вылет групы быў адкладзены.

МЗС Беларусі працягвае перамовы з амерыканскімі ўладамі і спадзяецца, што яны забяспечаць найхутчэйшае вяртанне беларускі на радзіму, паведамляе тэлеканал ОНТ.

Адзначым, што ўчора амерыканскія СМІ паведамілі пра нежаданне Таццяны Казыры вяртацца на радзіму. Яна падала дакументы ў іміграцыйную службу ЗША для працягнення гасцявой візы.

Беларуска прыязджала ў сям'ю Мануэла і Дэбі Запата дзевяць гадоў запар. Сёлета быў апошні раз, калі яна магла прыняць удзел у праграме аздараўлення. У Барысаве дзяўчынка жыла з бабуляй, яе маці пазбавілі бацькоўскіх правоў.