МЗС: Італьянскі суд перанёс працэс над беларускімі фанатамі на люты 2016-га
Ніхто з фэнаў ФК “Дынама-Мінск” так і не атрымаў позваў ці тлумачэнняў.
Італьянскі суд перанёс працэс над беларускімі футбольнымі фанатамі на наступны год. Прычына — вялікая занятасць суда.
Нагадаем, канфлікт паміж фанатамі мінскага “Дынама” і паліцыяй Фларэнцыі здарыўся у пачатку снежня мінулага года. У той вечар мінскае "Дынама" нечакана для многіх перамог “Фіярэнціну” ў Лізе Еўропы. Але патасоўка адбылася яшчэ да гэтага.
Некаторыя дынамаўскія фанаты сустрэліся перад гульнёй у бары, пілі піва, а пасля вырашылі маршыраваць з вуліцы Лаваньіні на стадыён. Паліцыя прапанавала ім даехаць да арэны, вобразна кажучы, на аўтазаках. Слова за слова і перамовы з італьянцамі скончыліся патасоўкай, з разбітымі піўнымі бакаламі і перакуленай рэстараннай мэбляй. Больш за паўсотні беларусаў затрымалі. Але ў хуткім часе адпусцілі. Беларусы нават не атрымалі штрафы, аднак ім забаранілі наведваць футбольныя матчы ў Італіі на пяць гадоў.
14 фанатаў мінскага "Дынама" павінны былі судзіць у Італіі 15 чэрвеня.
“Ніхто нават позваў з суда не атрымліваў і туды не ездзіў”, — даведаўся для Еўрарадыё адзін з фанатаў, які знаходзіўся ў Фларэнцыі, калі здарыўся інцыдэнт.
“Тое, што тычыцца гэтага выпадку, то з прычыны вялікай занятасці суда было прынята рашэнне аб пераносе разгляду справы на люты 2016 года”, — паведамляе Еўрарадыё прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзмітрый Мірончык.
Пасля затрымання дынамаўскіх фанатаў муніцыпальная паліцыя Фларэнцыі прадэманстравала СМІ "трафеі". Апроч петардаў і фаераў там былі шматлікія неанацысцкія сімвалы. Крыніца з дынамаўскага фанацкага асяроддзя выказала меркаванне, што не ўсе рэчы з паказанага належалі фэнам, а кампраментуючыя сімвалы маглі дастаць са складаў паліцыі.