МЗС Літвы абвяргае паведамленні пра перамовы з ЗША ў справе СРА

Міністэрства замежных спраў Літвы абвергла паведамленні пра тое, што Вільня нібыта вядзе з Вашынгтонам перамовы пра размяшчэнне элементаў сістэмы супрацьракетнай абароны (СРА) ЗША на літоўскай тэрыторыі.  "Літва не вядзе ніякіх перамоваў пра размяшчэнне сістэмы СРА на сваёй тэрыторыі", - заявіла ў эфіры тэлеканала LTV кіраўніца дэпартамента па інфармацыі і сувязях з грамадскасцю МЗС Літвы Віялета Гайжаўскайтэ. Пры гэтым яна нагадала, што ў Вільні "станоўча ацэньваюць магчымасць размяшчэння сістэмы СРА ў Польшчы", паведамляе РИА "Новости".

Нагадаем, пра перамовы ўчора ўвечары паведамілі расійскія СМІ. Паводле іх, ЗША разглядаюць Літву як рэзервовы варыянт на той выпадак, калі перамовы пра размяшчэнне амерыканскай ракетнай базы ў Польшчы закончацца правалам. Факт перамоваў, нібыта, быў пацверджаны прадстаўніком польскага МЗС.