На Акрэсціна да затрыманых прымяняюць катаванні

З камеры на Акрэсціна на Радыё Свабоду дазваніліся ўдзельнікі плошчы, якія распавялі пра ўмовы ўтрымання.
Іван: "Нас асудзілі каго на 12, а каго на 15 сутак, жанчын - на 10 сутак. Умовы тут жудасныя, здзекуюцца, як над скацінай. Трымаюць ужо больш за суткі на нагах, трымаючы ў гэтак званых "мяшках" - гэта такія камеры, разлічаныя на двух чалавек, а нас тут чацвёра. На суды вазілі ў аўтазаках, якія разлічаныя чалавек на 10, а нас туды запіхвалі па 30 і больш, як селядцоў набівалі. Не звяртаюць увагі ні на якія просьбы: просіш воды папіць - не даюць. Адмыслова трымаюць нас для здзеку ў гэтых мяшках, не вядуць у камеры. Нас тут больш 500 чалавек. Асудзілі нас за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Пераважна гэта маладыя людзі".

Вячаслаў - студэнт-завочнік, працуе ў Менску. Ён распавядае, што разам з сябрамі знаходзіўся паміж помнікам Леніну і Домам ураду, там іх узялі ў кола і практычна апошніх пакідалі ў аўтазак.

"Білі моцна, мне дагэтуль баляць ногі. Вельмі многіх людзей білі, побач у аднаго мужчыны выбілі ўсе зубы, ён потым апынуўся разам з намі ў аўтазаку. У многіх скрываўленыя галовы былі, вельмі многія атрымалі страсенні, быў чалавек са зламанай рукой. Судзілі нас у Савецкім судзе, суддзя Палулех усім даваў стандартныя прысуды. У нас ужо сканчаецца зарад батарэйкі ў тэлефоне…".

Нагадваем, у святле міжнароднага права такое абыходжанне трактуецца як жорсткае, прыраўноўваецца да катавання і пераследуецца як злачынства..