На беларускую дэлегацыю ў Маскве аказвалі "беспрэцэдэнтны ціск"

Беларусь і Расія не здолелі ўзгадніць умовы гандлю нафтай у 2010 годзе. Паводле крыніцы, блізкай да ўраду Беларусі, падчас перамоваў на беларускую дэлегацыю ў Маскве аказвалі "беспрэцэдэнтны ціск". БЕЛТА нагадвае, што спачатку перамовы вяліся паміж міністэрствамі фінансаў Беларусі і Расіі, і нават быў падпісаны пратакол аб захаванні на першае паўгоддзе 2010 года ранейшага паніжаючага каэфіцыента на пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь. Аднак у апошнія дні 2009 года расійскі бок "кардынальна змяніў сваю пазіцыю" і "адсунуў ад перамоваў Міністэрства фінансаў Расійскай Федэрацыі".

"Новыя ўмовы, якія прапанаваныя беларускаму боку, у самым канцы года, кардынальным чынам змянілі ўсе тыя дамоўленасці, якія былі дасягнутыя ў папярэдні перыяд паміж бакамі", — падкрэсліла крыніца. Больш таго, прапанаваныя расіянамі дакументы, нібыта, "фактычна тарпедавалі ўсе дамоўленасці па стварэнні Мытнага саюза".

Беларускі бок аднак пацвярджае сваю гатоўнасць працягваць перамовы па нафтавай тэме.

Паводле крыніцы РИА Новости у расійскай дэлегацыі, прычына няўдалых перамоваў звязана "з адсутнасцю неабходных дэрэктываў і паўнамоцтваў у прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь".

Нагадаем, з 2010 года перастае дзейнічаць паніжаючы каэфіцыент на пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь. Нядаўна віцэ-прэм'ер Расіі Ігар Сечын заявіў, што калі пагадненне з Беларуссю не будзе падпісанае, з 1 студзеня 2010 года пачне дзейнічаць звычайны рэжым паставак энергарэсурсаў у Беларусь, які прадугледжвае выплату 100% мытных пошлін.