На БМЗ адбыўся пажар з-за нявыключаных камп'ютараў

Уначы 26 сакавіка ў адміністрацыйна-бытавым корпусе Беларускага металургічнага заводу ў Жлобіне адбыўся пажар. Як паведамляе БелаПАН, загаранне ў кабінеце аддзела працы і заробку было зафіксавана пажарнай сігналізацыяй. Агонь знішчыў маёмасць і мэблю. Дзякуючы аператыўнаму прыезду выратавальнікаў пажар не ахапіў іншыя ўчасткі будынку.

Выратавальнікі адзначылі, што ўначы ў кабінеце, дзе ўзнік пажар, былі ўключаныя камп'ютары. Хутчэй за ўсё, гэта і стала прычынай кароткага замыкання або перагрузкі электрасеткі, што прывяло да пажару.