На Гомельшчыне ўлады на 10 дзён забаранялі продаж алкагольных напояў

Дні цвярозасці сёлета пачалі набываць папулярнасць, яны абвяшчаліся ў розных гарадах Беларусі. Але дэкада цвярозасці прайшла ўпершыню, яе аб'явілі ўлады гарадскога пасёлка Кастрычніцкі Гомельскай вобласці. Прапагандуючы здаровы лад жыцця, чыноўнікі аж на дзесяць дзён забаранілі продаж у горадзе і раёне алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва. На гэты ж час было забаронена распіваць слабаалкагольныя напоі і піва ў грамадскіх месцах.

Як паведамляе "Народная газета", падчас дэкады цвярозасці на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях чыталіся лекцыі пра шкоднасць алкаголю і праводзіліся прафілактычныя гутаркі. Ва ўстановах адукацыі прайшлі бацькоўскія канферэнцыі на антыалкагольную тэму з удзелам медпрацаўнікоў і праваахоўнікаў.

Адзначым, што ў Кастрычніцкім жыве амаль 8 тысяч чалавек.