На Грамадска-кансультацыйнай радзе Заіка раскажа пра асновы лібералізацыі

Чарговае паседжанне Грамадска-кансультацыйнай рады пры Адміністрацыі прэзідэнта адбудзецца 9 чэрвеня. Экспертная група Ўладзіміра Макея абмяркуе праект Дырэктывы №4 "Аб захадах па лібералізацыі эканомікі і паляпшэнні дзелавога клімату ў Рэспубліцы Беларусь". "Параіцца" з сябрамі Грамадска-кансультацыйнай рады ўрад вырашыў праз элементарнае жаданне зэканоміць час ды сродкі. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў эканаміст Леанід Заіка. Маўляў, дзве гадзіны размовы з добрым экспертам вартыя двух тыдняў палявой працы. Сам жа Леанід Фёдаравіч рыхтуе да пасяджэння ГКР даклад пра тэорыю лібералізацыі:

Леанід Заіка: "Тэма майго выступу будзе закранаць тэарытычныя і практычныя асновы лібералізацыі. Лібералізацыя як парадыгмальная і катэгарыяльная дадзенасць і як яна можа быць рэалізаваная. Бо існуюць розныя падыходы да лібералізацыі. Ліберальная і кейнсіянская метадалогія макраэканамічнага рэгулявання, розныя падыходы да азначэння канкурэнцыі, эфектыўнай канкурэнцыі. Мая частка — выключна навуковая".