На Грамадска-кансультацыйным савеце па-беларуску гаварыў толькі Трусаў

"Дастаткова канструктыўным" назваў першае пасяджэнне Грамадска-кансультацыйнага савета пры Адміністрацыі прэзідэнта, якое прайшло 6 лютага ў Мінску, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў. У інтэрв'ю БелаПАН ён падкрэсліў, што праз шмат гадоў упершыню за адным сталом сабраліся людзі розных перакананняў, палітычных поглядаў і кірункаў інтэлектуальнай дзейнасці. Паводле яго слоў, улады падышлі да гэтага мерапрыемства "даволі грунтоўна", бо пры "амаль парытэтных" суадносінах удзельнікаў дыялогу ў пасяджэнні пад старшынствам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея ўдзельнічалі ў тым ліку галоўныя рэдактары дзвюх найбуйнейшых дзяржаўных газет - "Советская Белоруссия" і "Рэспубліка", старшыні і намеснікі старшыняў шэрагу пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, лідэры прафсаюзных аб'яднанняў.

Як паведаміў Трусаў, вызначаны рэгламент і план працы савета на першыя тры пасяджэнні. "Я прапанаваў сёлета абмеркаваць сітуацыю ў сферы адукацыі і з дзяржаўнай беларускай мовай, аднак мае прапановы выклікалі шэраг крытычных заўваг з боку некаторых чыноўнікаў", - сказаў старшыня ТБМ.

Старшыня ТБМ выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што ўсе ўдзельнікі савета, за выключэннем яго, размаўлялі па-руску.