На Гродзеншчыне 25 кастрычніка адзначаць Дзень памяці паўстанцаў

Дзень памяці паўстанцаў 1863 года традыцыйна адбудзецца ў Свіслачы (Гродзенская вобласць). Там, на радзіме братоў Каліноўскіх, ушаноўваюць памяць тых, хто змагаўся за незалежнасць Беларусі. На радзіме братоў Каліноўскіх 14-ты год запар збіраюцца людзі з усёй краіны, піша nn.by. Святкаванне традыцыйна адбываецца наступным чынам. Ранкам у свіслацкім касцёле па-беларуску служыцца імша памяці братоў Каліноўскіх. Пасля грамада выпраўляецца на магілу Віктара Каліноўскага. Потым — у Якушоўку, сямейнае гняздо Каліноўскіх, дзе, на ўскрайку Белавежскай пушчы, захаваліся падмуркі іхнае сядзібы і стаіць гожы каваны крыж.

Удзельнікі фэсту наведваюць таксама бюст Кастуся Каліноўскага ля школы ў Свіслачы. Сустрэча сканчаецца пікніком у каляпушчанскім лесе.