На ХIХ чэмпіянаце Еўропы па армрэстлінгу беларусы заваявалі сем медалёў

На ХIХ чэмпіянаце Еўропы па армрэстлінгу, які праходзіў 1—7 чэрвеня ў Сафіі, беларусы заваявалі сем медалёў. Як інфармуе БелаПАН, у скарбонцы нашых спартоўцаў чатыры залатыя, адзін срэбраны і два бронзавыя медалі.  24-гадовы ўладальнік дзвюх залатых узнагародаў чэмпіянату (на правую і левую руку) Віктар Братчэня выступаў сярод дарослых-параалімпійцаў у вагавай катэгорыі да 75 кг. Яшчэ два медалі найвышэйшай вартасці (на правую і на левую руку) выйграў сярод юніёраў Аляксандр Лабань у вагавай катэгорыі да 80 кг.

Срэбраны медаль (на левую руку) заваяваў сярод юніёраў Яўген Каваленка. Ён выступаў у вагавай катэгорыі да 50 кг. Бронзавая ўзнагарода (на правую руку) — у Сяргея Паўлюковіча: ён спаборнічаў сярод юніёраў у вагавай катэгорыі да 60 кг. Сярод дарослых бронза (на левую руку) у Наталлі Сяргеенкавай у вагавай катэгорыі да 65 кг.

Агулам у ХIХ чэмпіянаце Еўропы па армрэстлінгу прымалі ўдзел каля 500 спартоўцаў з 24 краін. Сусветнае першынство па армрэстлінгу адбудзецца 7—14 верасня ў Італіі.