На кандыдата ў прэзідэнты Кастусёва склалі пратакол за незаконы пікет

У Бялынічах на Магілёўшчыне міліцыянты і раённыя чыноўнікі абвінавацілі кандыдата ў прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва ў незаконным пікетаванні і блакавалі яго аўтамабіль. Як паведамляе БелаПАН, пікет пачаўся ў 15 гадзін 28 лістапада. Праз гадзіну прыехалі міліцыянты і прадстаўнікі раённай "вертыкалі", заблакавалі машыну кандыдата ў прэзідэнты і склалі пратакол пра парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. Затрыманняў не было. На каго склалі пратакол - невядома, бо ён быў напісаны ў адным асобніку.

На працягу паўгадзіны Кастусёў не мог пакінуць месца пікету, хоць па графіку ў яго былі прызначаныя яшчэ дзве сустрэчы. Прадстаўнікі ўлады казалі, што давераныя асобы кандыдата павінны былі за два дні да пікету звярнуцца ў райвыканкам з паведамленнем.