На канферэнцыі ў польскім Сейме зачыталі выступленне Міланы Міхалевіч

Канферэнцыя "Вайсковае становішча ў Беларусі? Як да гэтага дайшло і што далей?" праходзіць сёння ў польскім Сейме. Ініцыятарамі яе правядзення сталі ўрадавыя і недзяржаўныя арганізацыі.  На канферэнцыю былі запрошаныя сваякі беларускіх палітзняволеных, праваабаронцы, палітыкі. Як вядома, спецслужбы перашкодзілі выезду ў Польшчу маці Паўла Севярынца Таццяне і жонцы Алеся Міхалевіча Мілане. Выступленне Міланы Міхалевіч зачытала кіраўніца арганізацыі "Салідарнасць" Іна Кулей.

Таксама прамаўлялі дырэктар беларускага ліцэя Ўладзімір Колас, дачка палітвязня Змітра Бандарэнкі Юлія Бандарэнка, праваабаронца Алесь Бяляцкі.

На іншай секцыі выступалі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідэр руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч, Арцём Лябедзька, які прадстаўляў Аб'яднаную грамадзянскую партыю, Зміцер Бародка з руху "Еўрапейская Беларусь".