На канферэнцыю "Дзелавы інтэрнэт" галоўны ідэолаг не прыехаў з-за прастуды

На базе адпачынку "Белтэлекаму" ў Загор'і 14 кастрычніка пачалася пятая штогадовая канферэнцыя "Дзелавы інтэрнэт". Дырэктар і заснавальнік партала "TUT.by" Юрый Зісер, які ўжо выступіў са штогадовым дакладам аб развіцці інтэрнэту, патлумачыў, чаму мерапрыемства праводзіцца па-за межамі горада. Юрый Зісер: "У Мінску складана знайсці памяшканне для такой колькасці людзей. Адзінае месца — гэта Палац Рэспублікі, але яны не могуць гарантаваць памяшканне папярэдне за два месяцы. Таксама мы планавалі правесці канферэнцыю ў "Мінск-Арэне", але даведаліся, што там будзе канцэрт у гэтыя дні. Гэтая пятая канферэнцыя праходзіць там, дзе праходзіла першы раз - на базе адпачынку "Белтэлекаму".

Таксама Зісер зачытаў прывітальнае слова галоўнага ідэолага краіны Ўсевалада Янчэўскага, які не змог прысутнічаць з-за прастуды.

Адзначым, што канферэнцыя будзе праходзіць чатыры дні. У ёй прымуць удзел спецыялісты ў сферы маркетынгу, новых тэхналогій, вэб-журналістыкі, распрацоўшчыкі сайтаў з Беларусі, Расіі ды Ўкраіны. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць TUT.BY, "Белтэлекам", "Белінфакам".