На Кастрычніцкай плошчы вясной выкапаюць вялізны катлаван
Плошча будзе зачынена адмысловай агароджай два гады ў сувязі з будаўніцтвам падземнага паркінгу.
Будаўніцтва паркінга пад Кастрычніцкай плошчай пачнецца ўвесну. Падземная аўтастаянка будзе складацца з чатырох паверхаў і паглыбіцца ўніз на 16 метраў
Праектная дакументацыя па праекце будаўніцтва будзе гатовая ўжо ў сакавіку. Следам пачнуцца падрыхтоўчыя працы — вынас інжынерных сетак з-пад плошчы. На час будаўніцтва Кастрычніцкую зачыняць адмысловай агароджай, бо спачатку тут вырыюць вялікі катлаван, усталююць буранабіўныя палі з падпорнымі сценамі. Паркінг плануюць будаваць два гады.
За аснову праекта ўзялі дакументацыю аналагічнага збудавання пад плошчай Незалежнасці. Пра гэта распавяла галоўны архітэктар праектаў Прадпрыемства "Мінскпроект" Ларыса Зенава. Аб'ект разлічаны на 620 машына-месцаў. У паркінг можна будзе патрапіць з вуліцы Энгельса, паведамляе "Минский Курьер".
Бліжэй да Палаца Рэспублікі па абодва бакі прадугледжаны два ліфта для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Гэтыя збудаванні разам з вентыляцыйнымі шахтамі прывабна аформяць, побач з'явяцца фантаны і месцы адпачынку, удакладніла архітэктар.
Кастрычніцкую выбрукуюць гранітам, упрыгожаць невялікімі кветнікамі. А сярэдзіна плошчы, як і цяпер, застанецца вольнай для святочных гулянняў, елкі, коўзанкі.