На конкурсе "Міс свету" Беларусь прадставіць Алена Аладка (фота)

На конкурсе прыгажосці "Міс свету — 2007" Беларусь прадставіць 22-гадовая студэнтка гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта Алена Аладка.

Алена з'яўляецца ўладальніцай тытулу "Міс фота" нацыянальнага конкурсу прыгажосці "Міс Беларусь-2004". Раней планавалася, што Беларусь на гэтым конкурсе будзе прадстаўляць Юлія Сіндзеева — уладальніца тытулаў "Віцэ-міс Беларусь — 2006", "Віцэ-міс Еўропа — 2006" і "Віцэ-міс Інтэрнэшнл — 2007", фінал якога адбыўся 16 кастрычніка ў Токіо.

Аднак умовы кантракту, што заключылі з Юліяй арганізатары конкурсу "Міс Інтэрнэшнл — 2007", забараняюць ёй удзельнічаць у міжнародных конкурсах прыгажосці на працягу бліжэйшага паўгода.

Нагадаем, 57-ы конкурс прыгажосці "Міс свету" пройдзе ў снежні ў Кітаі, на востраве Хайнань. У ім возьмуць удзел больш за 100 дзяўчат з розных краін. Пераможца конкурсу атрымае 85 тысяч долараў.

Плануецца, што Алена Аладка вылеціць у Кітай 1 лістапада для падрыхтоўкі да конкурсу. Яго фінал адбудзецца 2 снежня і будзе дэманстравацца Першым тэлеканалам.

БелаПАН