На конкурсе Miss International 2009 Беларусь прадставіць Яна Супрановіч (фота)

Мадэль Нацыянальнай школы прыгажосці Яна Супрановіч прадставіць Беларусь на міжнародным конкурсе прыгажосці Miss International 2009. Фінал спаброніцтва пройдзе 28 лістапада ў Пекіне, інфармуе БелаПАН. 21-гадовая студэнтка Інстытута сучасных ведаў Яна Супрановіч — фіналістка конкурсу "Міс Мінск 2009". Сёлета яна будзе змагацца з 70 дзяўчатамі з розных краін свету.

Міжнародны конкурс прыгажосці Miss International — адзін з самых прэстыжных і найболей вядомых конкурсаў прыгажосці, які праводзіцца з 1960 года. Да 1967 года конкурс ладзіўся ў Каліфорніі (ЗША), пасля гэтага — у Японіі. Сёлета конкурс прыгажосці пройдзе ў Кітаі — як адно з мерапрыемстваў, якія папярэднічаюць адкрыццю сусветнай выставы World Expo 2010 у Шанхаі.

Беларусь упершыню прыняла ўдзел у Miss International у 2007 годзе. Прадстаўніца Беларусі Юлія Сіндзеева ўвайшла ў тройку пераможцаў, заваяваўшы тытул "II Віцэ-Міс". Летась нашую краіну прадстаўляла 21-гадовая мадэль Нацыянальнай школы прыгажосці Таццяна Рынейская, якой быў прысуджаны тытул "Міс натуральная прыгажосць".


Фота: Беларускія навіны