На мяжы злавілі беларуса, які збіў пешахода ва Ўкраіне
24-гадовы жыхар Віцебскай вобласці прызнаўся ў злачынстве, у выніку якога загінуў чалавек.
Чарнігаўскія памежнікі затрымалі на мяжы кіроўцу з Беларусі, які да смерці збіў пешахода ва Ўкраіне. Пра гэта паведаміў начальнік прэс-службы Чарнігаўскага памежнага атрада Аляксандр Дудко.
Паводле яго слоў, у аддзел памежнай службы "Горск" паступіла інфармацыя пра тое, што ў вёсцы Дзярэвіны Гараднянскага раёна невядомы аўтамабіль да смерці збіў мясцовага жыхара і збег з месца здарэння. Супрацоўнікі Гараднянскага райаддзела УУС устанавілі, што, верагодна, аўтамабіль чырвонага колеру і мае беларускія нумары.
Праз дзве гадзіны ў міжнародны пункт пропуску "Сенькіўка" на выезд з Украіны прыбыў чырвоны аўтамабіль "Аўдзі-80" з пашкоджаннямі пярэдняга бампера. За рулём аўтамабіля знаходзіўся яго ўладальнік, 24-гадовы беларус, жыхар Віцебскай вобласці, паведамляе "УНИАН".
Грамадзянін быў запрошаны для правядзення гутаркі, у час якой прызнаўся ў злачынстве. Следства па справе працягваецца.