На парламенцкіх выбарах у Азербайджане перамагла кіруючая партыя

Паводле дадзеных Цэнтрвыбаркаму Азербайджану, кандыдаты ад кіруючай партыі Ільхама Аліева “Новы Азербайджан” атрымалі болей за палову галасоў на выбарах у парламент краіны, паведамляе ВВС. Галасаванне завяршылася ў нядзелю ўвечары. Яўка выбаршчыкаў склала крыху болей за 50% і гэта добры паказнік, лічаць у азербайджанскім ЦВК. Прадстаўнікі кіруючай партыі разлічваюць атрымаць болей за 70 са 125 дэпутацкіх мандатаў.

Між тым, лідэры апазіцыі лічаць, што вынікі галасавання былі перадвызначаныя, бо шмат каму з кандыдатаў адмовілі ў рэгістрацыі. Прадстаўнікі АБСЕ ў сваю чаргу заявілі, што ў часе галасавання сутыкнуліся са значнымі абмежаваннямі з боку ўладаў.