На Пастаўшчыне выпівохі робяць далёкія рэйды, каб купіць бутэльку гарэлкі

Мясцовыя ўлады ўвялі "чорныя спісы", фігурантам якіх не прадаюць алкаголь
"Чорныя спісы" з'явіліся ў крамах Пастаўскага раёна. У іх уносяць людзей, якім забаронена прадаваць алкаголь. У сельсаветах гэтым займаецца савет прафілактыкі. Патрапіць у спіс можа чалавек, які пастаянна п'е гарэлку і амаль штодня з'яўляецца на працы нецвярозым. Часам нават жонкі просяць унесці сваіх мужоў у гэты спіс.

Аднак, як даведалася Еўрарадыё, выпівохі ўжо прыстасаваліся да новаўвядзення, яны просяць купіць гарэлку сваіх знаёмых, якіх няма ў "чорным спісе", ці робяць далёкія рэйды ў іншыя сельсаветы. Таму піць на Пастаўшчыне менш не сталі. Вось што кажа ў інтэрв'ю Еўрарадыё ўчастковы міліцыянт Уладзімір Кухальскі:

"Не, вядома, не стане ён менш піць. Папросіць кума, брата, свата, які яму купіць. Ці можа паехаць у другі раён, дзе яго не ведаюць. У яго ж на ілбе не напісана, што нельга яму прадаваць".

Рэпартаж пра пастаўскі "чорны спіс" неўзабаве з'явіцца на нашым сайце. Сачыце за абнаўленнямі.