На пажары ў Навагрудскім раёне пацярпеў пенсіянер (фота)
Мяркуецца, што прычынай узгарання ў вясковым доме стала няспраўная электраправодка.
Пажар у жылым доме ў вёсцы Купіск Навагрудскага раёна здарыўся пад вечар 3 траўня. Паведамленне пра ўзгаранне паступіла на лінію МНС у 16.37. У доме загарэлася сцяна, было моцнае задымленне.
Выратавальнікаў выклікаў гаспадар дома — 66-гадовы пенсіянер. Ён спрабаваў збіць полымя да прыезду пажарных. У выніку мужчына атрымаў апёкі твару і рук 1-2 ступені і трапіў у рэанімацыйнае аддзяленне лякарні.
Пажар патушылі супрацоўнікі МНС. У доме пашкоджаная сцяна і ложак. Меркаваная прычына здарэння — кароткае замыканне электраправодкі.


