На Полаччыне тоны мяса і статак бычкоў прадалі памерламу прадпрымальніку

Памерламу прадпрымальніку з Оршы прадало сельскагаспадарчае прадпрыемства "Гараны-Агра", што месціцца ў Полацкім раёне, 4 тоны мяса і 36 бычкоў на агульную суму каля 70 мільёнаў рублёў. За гэта яны атрымалі будаўнічыя матэрыялы. На гэтую "містычную" здзелку натрапілі супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю.
Як паведамляе газета "СБ", кантралёрамі былі выяўленыя і іншыя "ценявыя" схемы рэалізацыі мяса, якое пераважна дастаўлялі ў Расію. У выніку сельгаспрадпрыемства было аштрафаванае на 300 млн рублёў (больш за 100 тысяч долараў), а яго кіраўнікі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці. Пракуратура працягвае вывучаць дзейнасць дырэктара "Гараны-Агра".