На рынку "Ждановічы" канфіскавалі 1 тону няякаснага мяса

Падчас праверкі на мінскім рынку "Ждановічы" міліцыянты выявілі факт рэалізацыі вялікай партыі мясных вырабаў без дакументаў. Адбывалася гэта на тэрыторыі аўтастаянкі гандлёвага дома. Як адзначаюць міліцыянты, 37-гадовы раней асуджаны непрацуючы жыхар Брэстчыны спрабаваў збыць больш як тону фасаванай мясной прадукцыі коштам звыш 20 млн рублёў. Дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і набыццё прадукцыі, у яго не было. Не было маркіровачных цэтлікаў і іншай інфармацыі пра тэрміны вырабу і рэалізацыі прадукцыі. Падчас першапачатковага разгляду ўсталявана, што мясныя прадукты былі вырабленыя ў Польшчы. У аператыўнікаў ёсць падставы меркаваць, што ў Мінску планавалася рэалізоўваць гэтую прадукцыю пад маркай вядомых айчынных вытворцаў.

Санстанцыя вырашыла, што канфіскаванае мяса не можа быць скарыстанае для харчовых мэтаў і падлягае знішчэнню. На няўдалага прадаўца склалі пратакол за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Яму пагражае штраф да 500 базавых велічынь.