На Шклоўшчыне ліквідуюць наступствы несанкцыянаванай урэзкі ў нафтаправод

З нафтапрадуктаправоду Ўнеча-Вентспілс адбылася ўцечка дызпаліва. Прычынай стала несанкцыянаваная ўрэзка недалёка ад вёскі Навасёлкі Шклоўскага раёна. У выніку адбыўся разліў дызельнага паліва на плошчы каля 80 кв.м. Дзеля рамонту перапампоўка па нафтаправодзе была прыпыненая ўчора на некалькі гадзін. Міністэрства па надзвычайных сітуацыях вядзе працы па зборы воданафтавай эмульсіі і забруджанага грунту.

Вось што паведаміў Еўрарадыё Віталь Навіцкі, начальнік прэсавай службы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях:

"Працы завяршаюцца, закончаны збор нафтапрадуктаў".

Адзначым, што на нафтапрадуктаправодзе Ўнеча-Вентспілс гэта ўжо не першая аварыя за апошнія гады. Праўда, як адзначае Віталь Навіцкі, прычыны гэтых аварый розныя:

"Значна часцей прычынамі аварыі нафтапрадуктаправодаў з'яўляюцца несанкцыянаваныя ўрэзкі, а не завадскія дэфекты трубы, старэнне метала, карозія ці нешта іншае".


Што да асобы зламысніка, які сапсаваў трубу пад Шкловам, дык яго пошукам цяпер займаюцца праваахоўныя органы.