На “Славянскі базар” нельга праносіць вялікія сумкі і цацачныя аўтаматы

Віцебская міліцыя вырашыла перагледзець свой погляд на бяспеку падчас “Славянскага базара”.  Літаральна некалькі дзен таму начальнік УУС Леанід Фармагей запэўніў, што надзвычайных мераў прадпрымаць не будуць. Але зараз стала вядома, што на час фестывалю цэнтр горада будзе ператварацца ў так званую “чырвоную зону”. Падрабязнасці паведамляе нашая карэспандэнтка Ядвіга Сташэўская:

"З 16 гадзін і да заканчэння канцэртаў ў “зону” можна будзе прайсці толькі праз міліцэйскія кардоны. Супрацоўнікі міліцыі будуць праводзіць асабісты дагляд кожнага, хто пажадае прайсці ў цэнтр (раён плошчы Свабоды і Летняга амфітэатру, дзе адбываюцца асноўныя фестывальныя падзеі). У “чырвоную зону” забаронена праносіць вялікія сумкі, зброю і ўсё, што падобна да зброі (напрыклад, цацачны аўтамат ці запальнічку ў выглядзе пісталета), сокі ў пакетах ды напоі ў цёмных бутэльках".

Такім чынам грамадзянам, што збіраюцца на канцэрты, давядзецца выходзіць з дому на некалькі гадзінаў раней, каб паспець прайсці праз металадэтэктары і пільныя рукі міліцыянтаў.