На Слонімшчыне падчас пракладкі вадаправоду знайшлі нямецкі кулямёт

У вёсцы Сянькоўшчына Слонімскага раёна падчас пракладкі водаправоду знайшлі авіяцыйны кулямёт з нямецкага ваеннага самалёта. Знаходку перадалі ў Слонімскі раённы краязнаўчы музей. Як распавялі супрацоўнікі музея, у гады Другой сусветнай вайны недалёка ад гэтай вёскі нямецкі самалёт зрабіў аварыйную пасадку. Жыхар вёскі Павел Крынчык бачыў, як самалёт рабіў пасадку. Потым ён асмеліўся і падышоў бліжэй да самалёта. У ім нікога не аказалася, нават боепрыпасаў. Хлопец выцягнуў кулямёт і закапаў яго ў зямлю.

З таго часу прайшло 67 гадоў. Паўла Крынчыка няма ў жывых. Але жыве яго сын Іван Крынчык, які і распавёў супрацоўнікам музея ўсю гісторыю пра гэты кулямёт.

Дарэчы, нядаўна Слонімскі ваенкамат перадаў у музей цікавыя нямецкія экспанаты перыяду Другой сусветнай вайны. Экспанаты былі знойдзеныя падчас раскопак захаванняў нямецкіх салдат на Ружанскіх могілках у Слоніме. Гэта пятліцы, пярсцёнкі, сярэбраны гадзіннік, акуляры, запальнічка і іншыя асабістыя рэчы салдат групы СС, якія праводзілі карныя аперацыі ў горадзе над Шчарай, інфармуе "Газета Слонімская".