На сталічным шматпавярховіку лавілі "чалавека-павука" пад кайфам
Здарэнне адбылося раніцай 2 лістапада ў 9-павярховым жылым доме па вуліцы Сурганава ў Мінску.
Выратавальнікам спачатку паведамілі пра спробу суіцыду. Калі яны прыехалі на месца, пабачылі, што на гаўбцы 7-га паверху з боку вуліцы знаходзіцца мужчына. Жыхароў у кватэры ў той момант не было. Тады на зямлі была ўсталяваная пнеўматычная выратавальная падушка — на той выпадак, калі невядомы абарвецца і зваліцца ўніз. Пры дапамозе аўталесвіцы выратавальнікі знялі мужчыну з балкона, ён не пацярпеў.
Як інфармуе БЕЛТА, "чалавек-павук" знаходзіўся ў стане алкагольнага і наркатычнага ап'янення. Высветлілася, што ён знаходзіўся ў гасцях у сваёй знаёмай у кватэры на 9-м паверсе. Аднак чамусьці вырашыў палазіць па балконах дома і апынуўся аж на 7-м паверсе. Вядома, што мужчына знаходзіцца на ўліку ў псіханеўралагічным і наркалагічным дыспансерах.
Здымак з архіву. Фота — bymedia.net