На станцыі Орша-Цэнтральная сышлі з рэек кантэйнеры з чырвоным фосфарам

Здарэнне адбылося ўвечары 21 чэрвеня. Чыгуначныя вагоны з чырвоным фосфарам сышлі з рэек на вузле сартавання вагонаў станцыі Орша-Цэнтральная. Некалькі тон небяспечнага груза апынуліся на зямлі.
Наступствы гэтай аварыі ўдалося даволі хутка ліквідаваць - за некалькі гадзінаў. Да збору чырвонага фосфару былі прыцягнутыя значныя сілы - выратавальнікі, чыгуначнікі, міліцыянты, чэкісты. Вагоны былі паднятыя, а адзін кантэйнер, які ў выніку падзення, быў пашкоджаны, ізалявалі.

Як адзначае "Ежедневник", у выпадку неспрыяльнага збегу абставінаў Орша і прылеглыя да яе населеныя пункты маглі апынуцца ў 20-кіламетровай зоне хімічнага заражэння. Толькі дажджу ці моцнага ветру было б дастаткова, каб у раённым цэнтры аб'явіць надзвычайнае становішча.

Цяпер транспартная пракуратура Оршы праводзіць папярэдняе расследаванне.


На архіўным здымку - аварыя, якая адбылася 10 гадоў таму ў Мінскім раёне. Тады сышлі з рэек тры кантэйнеравозы. Фота - photo.bymedia.net