На тэрыторыі былога лагера смерці ў Віцебску ўзводзяць жылыя дамы

На тэрыторыі былога лагера смерці “5 Полк” пачалося будаўніцтва шматпавярховых жылых дамоў.
Шмат гадоў у горадзе вялася гаворка аб неабходнасці будаўніцтва мемарыялу на месцы, дзе ў гады Другой сусветнай вайны былі закатаваныя, расстраляныя ці загінулі ад голаду ды хваробаў больш як 100 тысяч чалавек.

З 1994 года гарадскія ўлады забаранілі ўсякае будаўніцтва на гэтай тэрыторыі. Аднак замест мемарыялу, на які так і не знайшлося грошай, у раёне былога канцэнтрацыйнага лагера ўсё ж такі пабудавалі спачатку гаражы, а потым пачалося будаўніцтва жытла.

Ініцыятыўная група актывістаў нават збірала подпісы супраць забудовы тэрыторыі і накіравала ліст да старшыні віцебскага аблвыканкама Аляксандра Косінца. Будоўлю гэта не спыніла, але гарадскія ўлады паабяцалі нарэшце пачаць рэалізацыю праекта мемарыяла. Пачнуць з самага простага – вясной мяркуецца закласці Алею Памяці.