На ўчастку ў Віцебску датэрмінова прагаласавалі каля 60% выбарцаў

Гэта адбылося на ўчастку №47, дзе знаходзяцца інтэрнаты мясцовага тэхналагічнага ўніверсітэта. Як паведаміў Еўрарадыё кандыдат у Віцебскі гарсавет Уладзімір Рамановіч, на тэрыторыі ўчастка налічваецца каля 1600 чалавек.

Рамановіч: "За час датэрміновага галасавання прагаласавалі каля 850-900 чалавек — амаль усе тыя, хто пражываў у інтэрнаце. Людзі, канечне, выкарыстоўваюць магчымасць, каб паехаць дадому, адпачыць у выходныя. Але студэнты тэлефанавалі мне і нават праз сацыяльную сетку казалі, што складаюць спісы на студэнтаў і ходзяць па інтэрнацкіх пакоях і пытаюцца, хто калі будзе галасаваць".

Па словах кандыдата, адміністрацыя інтэрнатаў настойліва прасіла студэнтаў, каб яны прагаласавалі датэрмінова.

Акрамя таго, адзначыў Рамановіч, на выбарчым участку яго акругі сябры БРСМ ладзілі акцыю з бясплатнай раздачай Канстытуцыі выбарцам. Пасля скаргі кандыдата ў гарадскую выбарчую камісію бээрэсэмаўцы з выбарчага ўчастку зніклі.