На Віцебшчыне браканьер замест дзіка падстрэліў свайго сябра

Няшчасны выпадак адбыўся ўчора позна вечарам у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці. Трое жыхароў вёскі Пальмінка пайшлі ў лес на паляванне.  Замест дзіка адзін з паляўнічых у цемры падстрэліў свайго сябра. Куля трапіла 38-гадоваму трактарысту ў жывот. Мужчыну тэрмінова даставілі ў лякарню, дзе была зроблена аперацыя. “Стралка”, 45-гадовага мужчыну, ужо затрымалі.

Дарэчы, ліцэнзіі на адстрэл жывёліны ў паляўнічых не было.

Апошні падобны выпадак на Віцебшчыне адбыўся ва Ушацкім раёне ў ноч з 31 ліпеня на 1 жніўня. Ён скончыўся смерцю паляўнічага.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск