На выбарах у віртульнай рэспубліцы пад Мінскам перамог ліберал (фота)

Віртуальны бізнэс, віртуальныя ўрад і міністры, палітыкі, грошы, падаткі і нават шлюбы — сапраўдная віртуальная студэнцкая рэспубліка ўпершыню з'явілася ў Беларусі.
23 — 25 ліпеня больш за 50 маладзёнаў сабраліся пад Мінскам на незвычайнае мерапрыемства. Рэспубліка жыла сваім эканамічным і палітычным жыццём з урадам, міліцыяй, грашыма і выбарамі.

Палітычны лад краіны, адпаведныя паводзіны віртуальных дзяржаўных органаў і міліцыі мадэляваліся з цяперашняй Беларусі. Нават прадстаўнікі Поўначы і Поўдня, што сімвалізавалі ЕС і Расію, у жыцці Студрэспублікі прысутнічалі і фінансавалі "сваіх" кандыдатаў на выбарах.



Дэбаты кандыдатаў на пасаду Мэра Студрэспублікі



Рэкламная паўза падчас дэбатаў



Міліцыя затрымлівае ўдзельнікаў "несанкцыянаванага мітынгу"

Дарэчы, выбарная кампанія прайшла вельмі пазітыўна. Перамог Алег Грубіч, кандыдат з ліберальнымі поглядамі. У жніўні ён, разам з двума абранымі дэпутатамі ў Магістрат і лепшымі віртуальнымі эканамістамі прадставіць Беларусь на міжнароднай Студрэспубліцы ва Ўкраіне.

Алег Грубіч: "Палітычнае жыццё захапіла цалкам. Мы мусім прадставіць сваю краіну на вельмі высокім узроўні, вельмі годна пранесці свой сцяг".

Дэпутат ад "азёрнай акругі" Андрэй Русак захапіўся ідэяй Студрэспублікі і паспрабуе зарганізаваць гульню ў сваім універсітэце — БДУ.

Студэнтка эканамічнага ўніверсітэту Надзея Бунта, якая правяла паспяховую кампанію ў заканадаўчы орган ад "лясной акругі", вельмі ўсцешаная і кажа, што спярша сумнявалася, ці возьмуць яе на Студрэспубліку.

Надзея Бунта: "Я так патрапіла на гэтую старонку, паглядзела. Спярша падумала, што ў мяне не будзе шанцаў. Бо такі класны праект і толькі 50 чалавек удзельнічаюць, як я магу туды патрапіць? І тут мне напісалі, што мяне абралі! Я была вельмі радая!"

Ян Бабіцкі, Сяргей Лабовіч і Андрэй Русак арганізавалі найбольш паспяховы бізнэс, зарабіўшы каля 200 талераў.

За тры насычаныя падзеямі дні моладзь наведвала адукацыйныя семінары, праявіла сябе з эканамічным і палітычным жыцці. Адзін з арганізатараў Зміцер Гамянюк кажа, што спадзяванні і чаканні апраўдаліся.

Зміцер Гамянюк: "Тут мы пражылі тое жыццё, якое людзі ў рэальным жыцці пражываюць за 5-10 гадоў. Вялікая дынаміка падзеяў!"





Удзельнікі Студрэспублікі

Студрэспубліка ў Беларусь прыйшла з Украіны — там яна існуе з 1998 года. Мерапрыемства прымае студэнтаў і з замежных краін. Місія гульні — гадаванне пакалення свядомых, здольных мысліць вольна лідараў.

Дарэчы, нярэдка віртуальныя мадэлі ўкраінскай студрэспублікі збываліся ў рэальным палітычным жыцці краіны. Напрыклад, летам 2004 года на ўкраінскай Студрэспубліцы  выбары прэзідэнта скончыліся Майданам і рэвалюцыяй з лозунгамі "Гэць!" і "Ганьба". Праз паўгода стане вядома, ці адлюструюцца выбары беларускай Студрэспублікі на сапраўдных усебеларускіх.

Глядзі таксама: