На выбары ідуць палітыкі, бізнэсмены, мэнэджэры, паэты і санітаркі

24 верасня заканчваецца тэрмін падачы ў Цэнтральную выбарчую камісію дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па зборы подпісаў за кандыдатаў на прэзідэнта. Сёння павінен падаць дакументы Аляксандр Лукашэнка. Таксама магчымае з’яўленне яго галоўнага канкурэнта. Увечары 23 верасня ў Цэнтрвыбаркаме было 7 заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. Адну з іх ужо зарэгістравалі — гэта каманда Віктара Цярэшчанкі, старшыні рады “Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва”.

Заявы таксама падалі сябра АГП эканаміст Яраслаў Раманчук, намеснік старшыні партыі "Зялёныя" Юры Глушакоў, прадпрымальнік Уладзімір Правальскі і кіраўнік "Руху наперад" паэт Уладзімір Някляеў.

Дарэчы, сярод ахвочых паўдзельнічаць у прэзідэнцкай гонцы ёсць не толькі палітыкі і бізнэсмены. У спіс прэтэндэнтаў трапіў мэнэджэр Віцебскага пладовагароднінавага камбінату Сяргей Рыжоў, а таксама санітарка санаторыя “Чонкі” з Гомельскай вобласці Наталля Старыкава.