На вышках сотавых аператараў хочуць паставіць відэакамеры для назірання

Міністэства лясной гаспадаркі вядзе перамовы з сотавымі аператарамі ў справе ўстаноўкі на іх вышках відэакамер для назірання за лесам. Афіцыйна паведамляецца, што гэта дапаможа аператыўна змагацца з пажарамі ў лясах і балотах.  Вось што паведамілі Еўрарадыё у прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі:

"Гэтае пытанне ўжо даўно разглядалася, таму што цяпер відэакамеры ўстаноўленыя на нашых пажарных вышках. Але іх вышыня не перавышае 30 метраў, таму ахоп тэрыторыі не той. А ў аператараў мабільнай сувязі больш высокія вышкі. Таму вядуцца такія перамовы, каб устанавіць камеры відэаназірання на іх вышках, што дазволіць забяспечыць найбольшы ахоп і кантроль за тэрыторыяй".

У Міністэрстве лясной гаспадаркі кажуць, што сотавыя аператары прапанавалі ўстанавіць відэакамеры толькі ў сярэдняй частцы вышак, што аўтараў ініцыятывы не задавольвае.

Дарэчы, раней відэаназіранне за беларускімі лясамі вялося з дапамогай відэакамер, устаноўленых на верталётах, але цяпер гэтае падраздзяленне ўваходзіць у структуру Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Таксама выкарыстоўваюцца і касмічныя тэхналогіі - назіранне з дапамогай спадарожніка.