На выставе ў Гомелі пакажуць эскізы касцюмаў купалаўскай Паўлінкі 1920-х гг.

У Гомельскім палацава-паркавым ансамблі адкрылася выстава з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы "Душа i песня - свет мой, скарбы ўсе мае…" Экспазіцыя прымеркаваная да 95-х угодкаў з дня першай пастаноўкі п'есы Янкі Купалы "Паўлінка". Нагадаем, што ўпершыню яна была інсцэнізаваная ў 1913 годзе ў Вільні Беларускім музычна-драматычным кружком. Адмысловую каштоўнасць выставы ўяўляюць сцэнічныя эскізы касцюмаў галоўнай гераіні Паўлінкі, створаныя вядомым тэатральным мастаком Оскарам Марэксам у 20-х гадах мінулага стагоддзя.

Экспазіцыя ўключае тры раздзелы, прысвечаныя творчасці Янкі Купалы, героям яго твораў, якія жывуць у міры тэатральнага, музычнага і выяўленчага мастацтваў. Таксама можна пабачыць кнігі беларускага пясняра на некалькіх мовах, у тым ліку кніжныя мініяцюры.

БЕЛТА