Нацбанк з 1 чэрвеня запусціць бесперапынны двайны аўкцыён

Намеснік кіраўніка Нацбанка Беларусі Тарас Надольны паведаміў, што з першага чэрвеня запусцяць бесперапынны двайны аўкцыён. Банкірам засталося толькі ўзгадніць дэталі з Дзяржкантролем, піша tut.by.

Пра планы перайсці на новы прынцып таргоў на валютна-фондавай біржы 5 траўня заявіў кіраўнік Нацбанка Павел Калаўр. З першага чэрвеня фармаванне курсу валюты стане больш празрыстым і справядлівым.

Што гэта азначае для ўсіх беларусаў?

Двайным аўкцыён называецца таму, што будзе безперабойны прыём заявак і на пакупку, і на продаж валюты на біржы.

Зараз таргі на валютна-фондавай біржы адбываюцца так. Прадпрыемствы праз свае банкі падаюць заяўку на куплю-продаж валюты. Калі ўсе заяўкі сабраныя, Нацбанк іх аналізуе і спрабуе нейкім чынам збалансаваць, каб не было моцных ваганняў у курсе рубля.

Пасля пераходу на новую сістэму Нацбанк не будзе мець ніякіх пераваг перад усімі ўдзельнікамі таргоў і не будзе мець магчымасці ўплываць на курс долара адміністрацыйнымі метадамі. 

Старэйшы аналітык “Альпары” у Мінску Вадзім Іосуб патлумачыў для Еўрарадыё, як такі спосаб фарміравання курсаў скажацца на звычайных людзях. 

“Такая палітыка не можа прывесці да ўзмацнення беларускага рубля, ці да яго паслаблення. Але ў першыя дні дзеяння гэтага можа павысіцца ваганне курсаў — розніца ў курсах долара можа вагацца — 200-400 рублёў. Хоць зараз такімі зменамі нікога не здзівіць, — кажа эксперт. — Але з часам гэтыя штодзённыя ваганні будуць змяншацца, змяненне курса будзе больш плаўным і гэта прывядзе да ўсталявання нейкага адзінага курса. Такі крок не мае глабальнага ўплыву на беларускую эканоміку, і нельга сказаць, што з увядзеннем двайнога аўкцыёну нешта памяняецца. Але гэта паказвае, што Нацбанк узяў курс на рыначнасць валютнага рынку”.