Нашэсце шэршняў з Кітая паставіла пад пагрозу і нашае пчалаводства

У Францыі — нашэсце шэршняў: азіяцкія кузуркі хутка плодзяцца і неўзабаве могуць распаўсюдзіцца на тэрыторыі Еўропы, лічаць адмыслоўцы.  Паводле апошніх даследаванняў, разнавіднасць вос, вядомая пад назовам Vespa velutina, пагражае пчалаводству, бо яны могуць знішчыць усіх меданосных пчол.

Кітайскіх шэршняў лёгка пазнаць — у іх аранжавая галава і жоўтыя лапкі. Навукоўцы лічаць, што ў Францыю шэршні прыплылі на караблі з грузам кітайскай керамікі ў 2004 годзе. Па апошніх дадзеных, на тэрыторыі краіны яны збудавалі ўжо каля 1100 гнёздаў, якія сягаюць метра ў вышыню. На мінулым тыдні шэсць чалавек былі шпіталізаваныя пасля нападу шэршняў.

Паміж тым, на днях паведамлялася, што французскае пчалярства перабралася на дахі парыжскіх дамоў, адзначае bbc.co.uk.