Наталля Каляда распавядзе ў Кангрэсе ЗША пра беларускую сітуацыю

Акторы мінскага "Свабоднага тэатра" знаходзяцца на гастролях у Злучаных Штатах Амерыкі. Паездку артысты выкарыстоўваюць для таго, каб распавесці амерыканцам пра беларускую палітычную сітуацыю.  Як распавёў Еўрарадыё мастацкі кіраўнік "Свабоднага тэатра" Мікалай Халезін, паездка планавалася яшчэ год таму, гэта традыцыйны амэрыканскі тур калектыву. Палітычныя падзеі ў Беларусі не адмянілі гэтую паездку.

Як адзначыў Халезін, у трупы "Свабоднага тэатру" ёсць патрэба кантактаваць з амерыканскімі зоркамі, палітыкамі, бізнэсоўцамі, якія павінны заняць жорсткую пазыцыю ў адносінах да беларускай сітуацыі. Пра гэта будзе расказваць адна з кіраўніц "Свабоднага тэатра" Наталля Каляда 6 і 7 студзеня на сустрэчах у Кангрэсе ЗША ў Вашынгтоне.

Халезін адзначыў, што вядомая газета "Нью-Ёрк Таймс" двойчы цягам тыдня дала матэрыялы пра "Свабодны тэатр" і Беларусь. Па яго словах, гэта надзвычайная праява ўвагі. Акрамя таго, беларускія акторы падчас свайго візіту даюць мноства інтэрв'ю амерыканскім СМІ.

"Мы гаворым толькі пра Беларусь, толькі пра палітыку", — адзначыў мастацкі кіраўнік тэатру.