Найбольш шанцаў выйграць выбары Камароўскі мае ў беларускай вёсцы Чыжы

У Польшчы ў нядзелю праходзяць датэрміновыя прэзідэнцкія выбары. Найбольшыя шанцы на перамогу адзін з фаварытаў, кандыдат Грамадзянскай Платформы Браніслаў Камароўскі мае ў беларускай вёсцы Чыжы. У папярэдніх выбарах чыжоўцы паставілі агульнапольскі рэкорд галасавання за лідэра платформы Дональда Туска — пад 85%.

Войт гміны Чыжы, Юры Васілюк, распавёў “Gazecie Wyborczej”: “Мая сувязь з Польшчаю — такі від любові. Я беларус, жыву ў Польшчы, у маім кабенеце бела-чырвоны сцяг і герб. Гэтая краіна вывучыла мяне на інжынера, тут жывуць мае дзеці. Але Польшча не заўжды адказвае ўзаемнасцю праваслаўнаму беларусу. Здараюцца горкія моманты. Пра іх я казаць не хачу”.

Жыхары вёскі Чыжы лічаць, што пры выбары Яраслава Качыньскага (PiS) каталіцкая еднасць будзе ўмацоўвацца за кошт уціску праваслаўных.

Жыхары Чыжоў ля крамы: “У Польшчы на нас кажуць “кацапы”. А мы не рускія, мы польскія беларусы. Ціхія, ветлівыя, згодныя. Але свая думка ў нас ёсць, таму тут прайгралі і Кшаклеўскі, і Качыньскі, а цяпер прайграе і той другі блізнюк”.

Чыжоўскі бацюшка, айцец Раманчук, на выбар прыхажан не ўплывае.

“Бацюшка наш не палітыкуе. А каб пачаў, то адзін бы ў царкве сядзеў”, — кажуць жыхары Чыжоў.


Глядзі таксама:

Польскі палітык у Твітэры: “Язык свярбіць, але да вечара ціша”

Серыя рэпартажаў: Як Польшча выбірае прэзідэнта