Найбольшая пагроза памерці да пенсіі – у жыхароў былога СССР і афрыканцаў

Ісландскія мужчыны і кіпрыёцкія жанчыны маюць найбольш шанцаў перажыць 60-ы дзень нараджэння. А вось у былых савецкіх краінах і Афрыцы смяротнасць ва ўзросце да 60 гадоў самая вялікая. Такія высновы зрабіў амерыканскі даследчык Крыстафер Мюрэй на падставе даследаванняў 187 краін свету, перадае штотыднёвік "The Lancet". А вось у глабальным маштабе паказчык смяротнасці панізіўся цягам апошніх 40 гадоў – на 34% для жанчын і на 19% для мужчынаў. Тым не менш, рызыка не дажыць да 60 гадоў для мужчын у 2 разы большая.

Краіны, дзе мужчыны маюць найбольш шанцаў на даўгалецце, гэта Ісландыя, Мальта, Італія, Катар і Ізраіль. А вось жанчынам у гэтым сэнсе найлепш жывецца на Кіпры, у Японіі, Паўднёвай Карэі, Грэцыі, Італіі, Іспаніі, Швайцарыі і Швецыі.

Цікава, што за апошнія 40 гадоў рэйтынг краін істотна змяніўся. Напрыклад, Аўстралія перамясцілася з 40-га месца на 6-е, а Парагвай і Куба вылецелі з першай дзясяткі, адпаведна, на 70-ю і 36-ю пазіцыі. Утрымаць свой імідж краін, жыхары якіх жывуць даўжэй, здолелі толькі Швецыя, Галандыя ды Нарвегія.