Назіральніца напісала скаргу і яе пазбавілі акрэдытацыі
Валерыя Чарнаморцава — актывістка аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя.
Таксама яна — назіральніца ў межах кампаніі "Права выбару". Чарнаморцава была акрэдытаваная на выбарчым участку № 25 Лагойскай акругі № 44.
Як паведамляе сайт bchd.info, у пятніцу яна напісала скаргу на тое, што да сябраў участковай камісіі падыйшла камендант інтэрнату (пра яе пасаду заявілі самі сябры камісіі) і зверылася са спісамі тых, хто прагаласаваў. Праз паўгадзіны пасля гэтага на ўчастак пайшлі галасаваць насельнікі інтэрнату.
Апроч таго, у пятніцу Валерыя Чарнаморцава сфатаграфавала выбарчую скрыню. За гэта на яе накрычалі ды дамагліся, каб яна выдаліла фотаздымкі. Раніцай у нядзелю назіральніцы паведамілі пра пазбаўленне яе акрэдытацыі за тое, што "яна знаходзілася каля выбарчай скрыні, умешвалася ў працу камісіі і вяла несанкцыянаваныя фота- і відэаздымкі". Што тычыцца адказу на скаргу, то ў камісіі напісалі, што нікога пабочнага на ўчастку не было, толькі сябры камісіі, выбаршчыкі і назіральнікі.