Назіральнікі: Ай-ай, не атрымліваецца, не супадае з загаданым! (фота+відэа)

Еўрарадыё паназірала за выбарамі разам з Лявонам Вольскім і Алегам Хаменкам, а таксама заўважыла, як Саннікаў лідзіраваў падчас падліку галасоў, але ў выніку з вялікім адрывам перамог Лукашэнка. Прынцыповых парушэнняў падчас галасавання на першым участку Партызанскага раёну зорныя назіральнікі не заўважылі. Праўда, па словах Лявона, ёсць моманты недаверу, нягледзячы нават на прыязнае стаўленне старшыні камісіі.

Лявон Вольскі: "Сёння, я так разумею, дзень, які нічога не вырашае, бо вырашаюць усё датэрміновыя выбары. А што там унутры знаходзіцца ніхто не ведае, бо ёсць розныя варыянты, як гэта ўсё зрабіць. Напрыклад, дно гэтай скрыні прышрубаваныя чатырма самарэзамі, іх вельмі лёгка разшрубаваць, туды ўсё што хочаш падкінуць і зашрубаваць. Гэта бяздоказна безумоўна, але ёсць шмат метадаў. Вельмі кепска, што ўначы тут дзяжурыць просты міліцыянт і больш нікога няма. Можа прыехаць любы іншы чалавек, старэйшы па званні. Такіх больш сур'ёзных заўвагаў... Нават наадварот усе так прыязна ставяцца. Старшыня ідзе на любыя кантакты, калі ласка. Нават а восьмай раніцы, перад тым, як апячатаць урны, дазволіў сфоткаць, што там нічога няма. Кожны капрыз, усё ў парадку. Але будзе самы драматычны момант гэтага ўсяго назіральніцтва – падлік. І тут я думаю, што нарэшце старшыня камісіі зробіцца не такі лагодны. Скажа: Так, вам заставацца тут, а мы будзем лічыць!" Мы выкажам пратэст, бо нічога не бачым, а ён скажа, што бярэ адказнасць на сябе. І ўсё!"


Так яно і сталася. Роўна ў 20:00 дзверы ўчастка былі зачыненыя і пачалася працэдура падліку, а старшыня камісіі гучна заявіў, што назіральнікі мусяць сядзець на сваіх месцах і не падыходзіць да камісіі. Спачатку падлічвалі вынікі датэрміновага галасавання.

Дарэчы скрыні і каробкі, у якія запакоўвалі падлічаныя паперы, падносілі да назіральнікаў і паказвалі, што яны пустыя, а вось сачыць за падлікам галасоў не было магчымасці, бо назіральнікі сядзелі ад камісіі ў метрах сямі.


Зразумела, што незалежным назіральнікам гэта не спадабалася, але старшыню камісіі іх прэтэнзіі мала хвалявалі. Ён некалькі разоў паўтарыў, маўляў, вы назіральнікі, а не кантралёры, а таму я лічу, што ўсё па законе, такой адлегласці для назірання дастаткова.



Адразу ж было напісана дзве скаргі. Адна на немагчымасць бачыць бюлетэні, другая на парушэнне правілаў падліку галасоў. Патлумачым, што паводле закону, бюлетэні з галасамі мусяць раскладацца па стопках за кожнага кандыдата. А рэальна ў камісіі былі паперкі з прозвішчамі, насупраць якіх ставіліся рысачкі, кожная сведчыла аб аддадзеным голасе.

Калі датэрміновыя бюлетэні былі падлічаныя, адзін з назіральнікаў зноў паспрабаваў паглядзець на гэтыя рысачкі і іх колькасць. Але старшыня камісіі абсалютна бескампрамісна прапанаваў нязгодным пакінуць залю, што ў выніку і было зроблена.



Назіральнік: "З гэтай адлегласці я не здольны сачыць за падлікам".

Старшыня камісіі: "Мне вельмі шкада, але я прыняў рашэнне пасадзіць назіральнікаў менавіта на такой адлегласці і патлумачыў чаму. Так што вашу просьбу я задаволіць не магу".

Назіральнік: "Я лічу, што вы парушылі выбарчае заканадаўства, калі не далі мне магчымасці бачыць рэальную выбарчую магчымасць".

Старшыня камісіі: "Гэта вашае права".

Далей за старшыню заступаюцца дзве жанчыны назіральніцы і дзяўчына, якія кажуць, што сваімі пратэстамі незадаволеныя перашкаджаюць падліку галасоў.

Старшыня камісіі: "Паважаны спадар назіральнік, яшчэ раз паўтаруся, што вам рэальна, рэальна прадстаўлена магчымасць назіраць за аб'ектам, за працэдурай, але не за прадметамі асобна вычышчанымі, нейкімі вызначанымі пазіцыямі. Таму я лічу, што я маю рацыю, і ці вы падпарадкоўваецеся майму патрабаванню, ці вы пакідаеце ўчастак".

Назіральнік: "То бок вы кажаце, што калі я буду рэальна стаяць побач і глядзець, то вы мяне праганяеце з участка?"

Старшыня камісіі: "Вы рэальна перашкаджаеце і, калі вы не сядзеце на сваё месца, я проста вымушаны вас выдаліць".

Назіральнік: "Я на сваё месца не сяду!"

Старшыня камісіі: "Тады я вымушаны вас выдаліць з участка, як перашкаджаючага падліку галасоў. Гонар маю!?".

Назіральнік: "Гонар маю!"

На гэтым участку датэрмінова прагаласавала 675 чалавек. Перамог Лукашэнка з 388 галасамі. У Саннікава– 88, Раманчука – 44, супраць усіх было 80 галасоў. Далей быў падлік бюлетэняў у выязной скрыні – вынік, прыкладна, такі ж.

А вось падчас падліку галасоў асноўнага дня выбараў Еўрарадыё пашанцавала праз зум фотакамеры заўважыць розніцу ў рысачках на паперках некаторых сябраў камісіі. Нават пашанцавала сфатаграфаваць дзве з васьмі такіх паперак. На іх заўважна перамога Саннікава. За Някляева, Раманчука і супраць усіх было прыкладна аднолькава галасоў з Лукашэнкам.







Далей, паперкі з падлічанымі колькасцямі рысачак трапілі ў рукі старшыні камісіі, намесніка і сакратара. Яны падлічвалі дадзеныя васьмі сябраў камісіі каля гадзіны, пры тым што датэрміновыя вынікі лічыліся не больш за 10 хвілін, а розніца галасаваўшых у дзень і датэрмінова толькі 363 чалавекі.



Незалежныя назіральнікі сачылі за працэсам і ўсміхаліся. Праз паўгадзінкі такіх падлікаў яны пачалі даволі гучна жартаваць, маўляў, ай-ай, не атрымліваецца, не супадае з загаданым і г.д.



Хоць вынік быў і чаканым, але ўсё роўна ўразіў: за Лукашэнку – 558, за Саннікава – 135, за Раманчука – 122, за Някляева – 106, супраць усіх – 92. Ну і агулам па ўчастку атрымалася, што Лукашэнка перамог. За яго аддалі галасы 53,9 адсоткі выбаршчыкаў, другое месца ў Саннікава – 12.7%, у Раманчука – 9.4%.

Алег Хаменка каментаваць такія вынікі адмовіўся, а Лявон Вольскі адказаў дастаткова стрымана.

Алег Хаменка: "Ты сам усё бачыў, што тут распавядаць!"

Лявон Вольскі:
"Ну, што распавядаць?! Вельмі доўга лічылі. Спачатку хуценька палічылі папярэдняе галасаванне, хаця яно тут не дзіка рознілася колькасна. Не ў разы. А сённяшняе нешта ну вельмі доўга лічылі, нешта ў іх не супадала, не складалася як трэба, не ведаю. Не мне меркаваць, што тут скажаш?!".