Не ворагі: як Грузія сустракае эмігрантаў з Беларусі і Расіі
Палітычны эмігрант з Расіі Васіль Красцьянінаў на фоне антыпуцінскага надпісу ў Тбілісі, Грузія / Малхаз Бердзенішвілі / JAMnews
Пасля пачатку вайны ва Украіне Грузія стала адным з асноўных напрамкаў для грамадзян Расіі і Беларусі, якія вырашылі пакінуць свае краіны. Дзясяткі тысяч беларусаў і расіян папоўнілі шэрагі суайчыннікаў, якія раней абралі Грузію як месца, дзе можна схавацца ад палітычных пераследаў. JAMnews расказвае гісторыі новых палітэмігрантаў: чаму яны едуць у Грузію, з якімі праблемамі сутыкаюцца і як іх тут сустракаюць.
Лічбы
Паводле звестак уладаў Грузіі, за першыя 20 дзён вайны ў краіну ўехала больш за 15 тысяч грамадзян Беларусі, з 24 лютага да 20 сакавіка — 35 тысяч расіян.
"Кажуць, што такая вялікая колькасць тых, хто прыбывае, небяспечная, але гэта не так", — сцвярджае міністр эканомікі Грузіі Ляван Давіташвілі. Ён кажа, што да пандэміі ў Грузію за той жа прамежак часу прыязджала больш турыстаў з Беларусі і Расіі.
Хэйт
Масавы прыезд беларусаў і расіян стаў прадметам лютых дыскусій у грузінскім грамадстве. Людзі ўспрымаюць гэтых людзей па-рознаму, у кожнага свае аргументы — абмеркаванне тэмы ў сацсетках не спыняецца.
Ёсць такія, для каго непрымальнае знаходжанне ў краіне грамадзян "краіны-акупанта і яе краіны-сатэліта". Яны асцерагаюцца, што Расія ў будучыні пачне ціснуць на Грузію дзеля "абароны расійскіх грамадзян".
"Яны ўцякаюць ад дыскамфорту і санкцый, а не ад пуцінскага рэжыму. Пуцін раней што, быў іншы?" — такі адзін з іх тыповых аргументаў.
Іншыя, наадварот, заклікаюць грамадскасць праявіць салідарнасць з людзьмі, якія шукаюць прыстанішча.
Але ў грамадзян Беларусі і Расіі сёння няма вялікага выбару, куды ехаць. Еўропа і ЗША для іх закрытыя, калі няма візы. А для ўезду ў Грузію віза не патрэбная. Тут можна жыць, не выязджаючы, на працягу года. Таксама аргументы на карысць Грузіі — адносная таннасць жыцця, добры клімат і гасцінны народ.
Аднак гэтым разам тыя, хто прыязджае ў Грузію, бачаць іншую карціну. Разам са сцягамі Украіны, якія лунаюць па ўсім горадзе, на вуліцах Тбілісі можна ўбачыць надпісы: "Русские — домой", "Русский корабль — иди на х**" і г. д.
"На вайне не месца мастацтву"
29-гадовы Ігнат Качан прыехаў з Беларусі разам з жонкай у сярэдзіне сакавіка. Ігнат — рэжысёр, які здымае дакументальныя і мастацкія фільмы. Яго фільмы паказвалі на Батумскім міжнародным кінафестывалі, з тых часоў яму заўсёды падабалася Грузія.
Апошнім часам ён жыў у вёсцы далёка ад Мінска, дзе ўласнаручна пасадзіў больш за 100 дрэў на адным гектары і чакаў пачатку іх цвіцення. Ён не збіраўся нікуды з'язджаць — жыў у поўнай гармоніі з сабой, у яго было шмат планаў.
Аднак як толькі пачалася вайна, зразумеў, што не можа заставацца ў Беларусі.
"На вайне няма часу для мастацтва. Трэба быць далей ад вайны, каб гаварыць пра мастацтва. Мы цяпер ворагі тым, з кім былі сябрамі. Праз дрэнных лідараў людзі губляюць адно аднаго".
Пераезд у Грузію быў ідэяй яго жонкі, і Ігнат адразу ж пагадзіўся.
"У нашых краін агульнае мінулае і гісторыя, таму тут для мяне натуральнае асяроддзе. Тут незвычайная прырода, людзі цёплыя і адкрытыя. Калі вы паводзіце сябе ветліва, вітаецеся па-грузінску і праяўляеце да іх павагу, яны не могуць дрэнна да вас ставіцца".
Ігнат Качан плануе застацца ў Грузіі на два гады і зняць дакументальны фільм. Куды ён адправіцца потым, не ведае.
"Жыццё ў Грузіі — гэта выдатны досвед. Я шмат чаму вучуся ў грузінаў — у першую чаргу адносінам з людзьмі. Я вельмі хачу зрабіць хоця бы адзін праект тут. Я выберу чалавека, за чыімі думкамі і пачуццямі буду сачыць, і потым пакажу ў фільме".
"Мы сталі ворагамі ўсяму свету"
36-гадовы Аляксандр і 26-гадовы Юрый прыехалі ў Грузію ўжо пасля пачатку вайны. Аляксандр у сваім родным Краснадары прадстаўляў апазіцыйную партыю ў органах мясцовага самакіравання, а Юрый працаваў юрыстам у арганізацыі апазіцыянера Аляксея Навальнага ў Сібіры.
"Я прыехаў 6 сакавіка. Не думаў, што калі-небудзь пакіну сваю краіну і перастану змагацца, — кажа Аляксандр, — але заставацца ў Расіі было немагчыма. Мне пагражала турма на 15-20 гадоў толькі за тое, што я ўголас казаў, што нельга было дапусціць вайны. Наша краіна знаходзіцца на шляху Паўночнай Карэі".
Аляксандр спачатку прыляцеў у Ерэван, а потым прыехаў у Грузію.
Юрый спачатку спрабаваў застацца ў Казахстане, потым у Стамбуле і, нарэшце, таксама прыехаў у Грузію.
Паводле яго слоў, Грузія — бяспечная краіна, куды можна прыязджаць без візы. Акрамя таго, большасць людзей гаворыць па-руску або па-англійску, і таму са зносінамі няма праблем. Клімат добры, людзі цёплыя і гасцінныя.
Па словах расіян, яны не адчувалі дыскрымінацыі або агрэсіі, бо ўсюды кажуць, што супраць пуцінскага рэжыму і салідарныя з Украінай.
Пытаем іх пра антырасійскія надпісы на сценах у Тбілісі.
"Я разумею, чаму яны не хочуць, каб мы былі тут. Цяпер грамадзяне Расіі знаходзяцца ў такім жа становішчы, у якім была Германія ў часе Другой сусветнай вайны, і мы гэта павінны перанесці. Тым больш што Грузія памятае вайну 2008 года, і мы таксама павінны памятаць пра гэта", — кажа Юрый.
Ён кажа, што асабіста не адчуваў агрэсіі ў Тбілісі.
"Наадварот, людзі проста спрабуюць дапамагчы. Вечарамі я і адна пажылая жанчына садзімся разам каля царквы, п'ём віно і размаўляем. У мяне такое адчуванне, што ўсе тут мяне разумеюць. Не ведаю, наколькі я тут камусьці падабаюся, але мне тут вельмі падабаецца".
"Лозунг "Рускія, прэч" я не прымаю на свой рахунак, таму што лічу, што знаходжуся ў той жа барацьбе, што і Грузія, — кажа Аляксандр. — Грузія перажыла тое самае, што цяпер адбываецца ва Украіне. Так што, наадварот, я разумею такое стаўленне і проста ўдзячны гэтай краіне за тое, што яна мяне прытуліла. Гэта вельмі добрая краіна з незвычайнымі людзьмі, але я хачу вярнуцца ў сваю краіну як мага хутчэй. Але ў такую, дзе будзе магчымае жыццё".
"Рускія сталі нязносныя для ўсяго свету, — кажа 24-гадовы Васіль. — У Расіі няма сяброў, акрамя аднаго або двух, і то несапраўдных. Мы сталі ворагамі ўсяму свету — цалкам заслужана. Я, праўда, не саромеюся сваёй нацыянальнасці, але мне сорамна, што мы не здолелі перамагчы гэты рэжым, і асабіста я адчуваю сябе вінаватым".
"Я спаліў свой пашпарт"
Васіль, Аляксандр і Юрый збіраюцца разам у офісе Free Russia Foundation. Васіль апрацоўвае фатаграфіі пратэстаў і мітынгаў і адпраўляе іх у розныя медыя, а Аляксандр і Юрый спрабуюць дапамагчы грамадзянам, якіх пераследуюць гэтаксама, як і іх.
Гэты фонд — міжнародная арганізацыя, якая імкнецца развіваць дэмакратыю ў Расіі і дапамагаць людзям, якія сталі ахвярамі рэжыму. У іх ёсць офісы ў Вашынгтоне, Берліне, Кіеве і Тбілісі. У Расіі — няма.
На сценах тбіліскага офіса ў алфавітным парадку вісяць фатаграфіі дзясяткаў грамадзян Расіі — гэта людзі, якія адбываюць працяглыя тэрміны зняволення за акцыі пратэсту ці апазіцыйныя каментары ў сацсетках. А такіх, па сённяшніх звестках, не менш за тысячу чалавек.
"Я быў адным з першых, хто спаліў расійскі пашпарт у часе акцыі пратэсту ў Тбілісі", — кажа 31-гадовы Антон Міхальчук, прадстаўнік арганізацыі.
"Расійская ўлада не прынесла мне нічога, акрамя непрыемнасцяў, і, на жаль, не толькі мне, але і многім іншым народам. Гэта вайсковая дыктатура, і я не хачу, каб мяне асацыявалі з расійскай уладай, таму я ніколі не буду трымаць у руках расійскі сцяг".
Антон жыве ў Грузіі ўжо тры гады. Ён, як і іншыя, уцёк ад рэжыму і цяпер спрабуе дапамагчы і абараніць іншых грамадзян Расіі і Беларусі, у фондзе спрабуюць таксама дапамагчы ўцекачам з Украіны, якія прыбываюць у Грузію.
"Грузіны не павінны нас баяцца. Каб асталявацца тут, трэба добра ведаць грузінскую, а большасць расіян грузінскай не ведаюць. Грузія цяпер — гэта своеасаблівы мост. Людзі могуць прыехаць сюды хутка і такім чынам уцячы ад рэжыму. Але калі сітуацыя палепшыцца, гэтыя людзі з'едуць", — кажа Міхальчук.
Прошаныя або няпрошаныя госці?
Дыскусія пра тое, як сустракаць расійскіх грамадзян, ці варта іх пускаць у Грузію, ідзе ў грузінскім грамадстве з першага дня вайны. У Facebook часта пішуць пра выпадкі агрэсіі і гвалту ў дачыненні да людзей славянскай знешнасці або рускамоўных. Былі апаскі, што грамадзяне Расіі і Беларусі могуць стаць ахвярамі дыскрымінацыі.
"Дзяржава не прыняла ніякіх мер па кантролі за тым, хто з якой мэтай уязджае і ў каго якая гісторыя, таму ў людзей застаюцца толькі маральныя фактары. Цяпер кожны з нас павінен вырашыць для сябе, як дзейнічаць", — кажа Вато Асаташвілі, эксперт па турызме.
"Для панікі праз наплыў расіян і беларусаў няма прычын. У Арменію пераехала значна больш людзей, чым да нас. 24 і 25 лютага ў Ерэван лётала па 25 рэйсаў у дзень, на працягу першых двух тыдняў зафіксавана да 80 тысяч перасячэнняў мяжы. Пры гэтым пік прыезду ў Грузію быў у пачатку сакавіка і цяпер будзе паступова зніжацца. У красавіку такога патоку ўжо не будзе", — кажа ён.
Паводле яго слоў, чаканні таго, што цэны на рынку нерухомасці падвояцца і Грузія за гэты перыяд атрымае вялікія эканамічныя выгады, былі празмерныя.
"Па-першае, амаральна думаць пра атрыманне прыбытку ад людзей, якія шукаюць прыстанішча, не важна, з сяброўскай яны ці з варожай краіны. Па-другое, гэта было лжывае чаканне — колькасць наймальнікаў была не вельмі вялікая і гэта была ўсяго толькі ілюзія, што ў Грузію перамяшчаецца вялікая колькасць расійскага капіталу і цяпер нерухомасць будзе здавацца па падвойнай і патройнай цане".
Аднак такія выпадкі сапраўды былі. Беларускі журналіст, апытаны JAMnews, які ўцёк ад рэжыму Лукашэнкі летам 2021 года, здымаў кватэру ў Батумі за 300 долараў. У пачатку сакавіка гаспадар кватэры папрасіў яго вызваліць яе альбо даплачваць зверху яшчэ 200 долараў.
"500 долараў — гэта вельмі вялікая сума, і мы не маглі столькі заплаціць. Тым больш што кватэра таго не каштавала. У выніку мы знайшлі іншую кватэру і пераехалі туды. Балюча ўсведамляць, што нават у Грузіі не разумеюць, што значыць быць выгнаннікам рэжыму Лукашэнкі, і так з табой абыходзяцца".
Па словах Вато Асаташвілі, многія грамадзяне Грузіі самі здымалі кватэры, каб пераздаваць іх грамадзянам Расіі і Беларусі па падвойнай цане.
"Справакаваны попыт прывёў да імклівага росту цэн. Аднак рынак адрэгулюе гэта на працягу двух-трох тыдняў. Цэны ўпадуць і вернуцца да стандартнага паказчыка. Сумарна колькасць людзей, якія прыбываюць з абедзвюх краін з доўгатэрміновымі візітамі, не перавысіць 20 тысяч чалавек, што не так ужо і шмат".
Аднак праблема заключаецца ў рэгістрацыі гэтых людзей. Сёння і ўкраінскі ўцякач, які ўязджае ў Грузію, і шукальнік прыстанішча, грамадзянін Расіі ці Беларусі, і чалавек, які проста прыбыў у камандзіроўку з любой краіны, усе ў роўнай ступені рэгіструюцца на мяжы як турысты.
На думку экспертаў, дзяржава павінна спачатку распрацаваць сістэму, якая адрознівала б уцекачоў і саіскальнікаў прыстанішча ад турыстаў.
"Гуманітарнае права патрабуе, каб мы дапамагалі тым, хто жыве ў нястачы. Да таго, каб даваць прыстанішча, заклікае нас не толькі закон, але і нашы цывілізацыйныя каштоўнасці, рэлігійная ці проста чалавечая мараль. Але мы не павінны гэта рабіць слепа. Каму вы дапамагаеце, а каму не, павінна быць ясна, празрыста і зразумела кожнаму. Урад гэтага не робіць, і таму ў нас так шмат пытанняў", — кажа Паата Закарэішвілі, палітолаг і былы дзяржаўны міністр Грузіі па пытаннях прымірэння і грамадзянскага раўнапраўя.
"Калі чалавек перасякае вашу мяжу, вы маеце поўнае права задаць пытанні пра мэту прыезду і запытаць інфармацыю пра яго біяграфію. Дзяржава павінна была паклапаціцца і распрацаваць сістэму рэгістрацыі асоб, якія шукаюць прыстанішча. Тады б іх правяралі — чым яны займаюцца, як трацяць грошы, як доўга застаюцца і гэтак далей", — мяркуе палітолаг.
"З аднаго боку, мы павінны ведаць, хто ў бядзе, каб не развіваць нашу эканоміку за іх кошт, а, наадварот, дапамагаць ім. З іншага боку, мы не павінны дазваляць сабе нажывацца на расійскіх грашах. Дзяржава з самага пачатку павінна была падрыхтавацца і ўвесці рэгуляцыі, згодна з якімі мы выбіралі б, каго мы ўпускаем у краіну ў такой напружанай сітуацыі, а каго не", — перакананы Вато Асаташвілі.
Пасля таго як пачалася хваля міграцыі расійскіх і беларускіх грамадзян у Грузію, многія грамадзяне Грузіі актыўна патрабавалі ўвядзення візавага рэжыму — менавіта для пазбягання непрыемных фактаў.
Таксама дагэтуль незразумела, чаму кожны грамадзянін Расіі і Беларусі без праблем перасякае мяжу Грузіі, калі прадстаўнікоў расійскіх і ўкраінскіх апазіцыйных медыя не прапускалі праз мяжу.
"Уводзіць візавы рэжым можна ў ідэальнай спакойнай абстаноўцы. Калі людзі ўцякаюць, гэта цяжка. У часе вайны адбываецца масавае перамяшчэнне, і людзі бягуць да самай лёгкай мяжы. Таму нам трэба было ўвесці рэгуляцыі і зрабіць працэс празрыстым. Цяпер усё вельмі цьмяна", — кажа Паата Закарэішвілі.
"Нашы дзверы адчыненыя для любога грамадзяніна Расіі і Беларусі ў той час, калі дзяржава не прызначыла ні аднаго спецрэйса для дастаўкі ўкраінскіх уцекачоў у Грузію", — заўважае Вато Асаташвілі.
На думку экспертаў, сённяшняя рэчаіснасць — гэта выпрабаванне для грузінскага грамадства. Паколькі ўрад Грузіі не ўвёў правілаў і пакінуў краіну адкрытай для ўсіх, людзі павінны самі вырашаць, каму дапамагаць, а каму не, за чый кошт весці свой бізнес, а каму адмаўляць у паслугах.
"Мы не павінны ўспрымаць гэтых людзей як турыстаў і не павінны на іх зарабляць. Гэта не забяспечаныя людзі, якія прыехалі на адпачынак. Цяпер у Грузію прыязджае ў асноўным моладзь, у якой няма віз ЕС, або тыя, хто мог прыехаць на машыне, у каго няма вялікіх зберажэнняў і хто хутка прыняў рашэнне. Людзі з высокімі даходамі едуць у Еўропу, а не ў Грузію", — кажа Вато Асаташвілі.
"Аднак разам з тымі, хто мае патрэбу ў прыстанішчы, прыязджае шмат "патрыётаў Расіі", якія ўцяклі ад дыскамфорту, — адзначае Паата Закарэішвілі. — Такія людзі цалкам могуць выклікаць раздражненне, але ні ў якім выпадку нельга дапускаць дыскрымінацыі і агрэсіўнага абыходжання з імі. Мы можам карэктна паставіць ім умовы ў гатэлі ці рэстаране: не даваць ім уключаць гімн Расіі або не дазваляць вывешваць расійскі сцяг. Мы павінны памятаць, што мы маем на гэта права".
Пры падтрымцы "Медиасети"