Некаторыя апазіцыйныя структуры мяняюць вектар з Еўропы на Расію?

19 жніўня старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька наведаў Маскву, дзе правёў шэраг сустрэч. Але ад адказу на пытанне, з кім дакладна ён сустракаўся і на якую тэму, палітык ухіліўся.
Анатоль Лябедзька: “Былі сустрэчы з палітыкамі, журналістамі. І на гэтым, відаць, усё — звычайная працоўная паездка, ніякай афіцыяльшчыны. Акрамя гэтага адбыліся палітычныя кансультацыі з прадстаўнікамі розных палітычных сілаў Расіі. Кансультацыі, я зараз бяру не толькі кантэкст сустрэч з дэпутатамі, а з усімі тымі, з кім я сустракаўся ў Маскве, гэта, безумоўна, беларуска-расійскія адносіны. Па некаторых сустрэчах ёсць просьба, што гэта былі кансультацыі ў закрытым рэжыме”.

Па словах Анатоля Лябедзькі, сёння наладжваць адносіны беларускай апазіцыі з расійскімі палітыкамі вельмі важна.

Анатоль Лябедзька:
“Мы канстатуем, што апазіцыя згубіла манаполію на Еўропу. Але ёсць пэўныя падставы, якія прымушаюць сёння думаць, што Лукашэнка траціць манаполію на беларуска-расійскім накірунку. Гэта вельмі важна, вельмі істотна”.

Палітык адзначыў, што ў Расіі пачалі цікавіцца ўнутраным палітычным жыццём Беларусі. Да нядаўняга часу кантакты былі вельмі абмежаваныя. У якасці доказу сваіх слоў ён расказаў, што напрыканцы жніўня ў Мінску пройдзе арганізаваная АДС канферэнцыя па беларуска-расійскіх адносінах. У якасці аднаго з выступоўцаў на ёй будзе адзін з дэпутатаў Дзярждумы. Хто канкрэтна, Анатоль Лябедзька не сказаў.

Як перадае “Радыё Свабода”, сярод іншых Анатоль Лябедзька ў Маскве сустрэўся з кіраўніком камітэта ў справах СНД і суайчыннікаў Дзяржаўнай думы Расіі Аляксандрам Астроўскім. Нагадаем, пэўны час таму да яго ж на кансультацыі ездзіў Аляксандр Казулін.